Незабыўная сустрэча

27.04.2023

На Маладзечанскай зямлі ёсць шмат таленавітых людзей, але, на жаль, мы вельмі мала пра іх ведаем, а многія з іх жывуць побач з намі.

27 красавіка 2023 года стала значнай падзеяй для вучняў і педагогаў Радашковіцкай сярэдняй школы № 2 Маладзечанскага раёна. У рамках адукацыйна-інфармацыйнага праекта “Школа Актыўнага Грамадзяніна” на тэму "Гонар за Беларусь. Культура беларускага народа: традыцыі, спадчына, сучаснасць" настаўнікам і вучням школы выпаў гонар сустрэцца са сваёй зямлячкай, пісьменніцай, членам-карэспадэнтам Міжнароднай акадэміі навук і мастацтваў Аленай Антонаўнай Ліхадзіеўскай.

Алена Антонаўна вельмі прыгожая, добразычлівая, прыемная і цудоўная жанчына, якая адразу змагла распалажыць да сябе слухачоў і наладзіць з імі дыялог. Акрамя пісьменніцкага таленту, Алена Ліхадзіеўская валодае дарам выдатнага апавядальніка: на працягу ўсёй сустрэчы прысутныя слухалі яе з вялікай цікавасцю. Пісьменніца расказала пра сваё дзяцінства, пра першыя вершы, пра свой жыццёвы шлях, які прывёў яе да творчасці. Сустрэча вялася нязмушана. Паэтка прадставіла кнігі для дзяцей рознага школьнага ўзросту: “Бусліная песня”, “Зоркай спавітая”, “Мне так патрэбна шчасце для цябе”, “Бабуліны гусі”, “Казкі”, “Стань сильней и мудрей” і іншыя, а, потым Алена Антонаўна адказвала на зададзеныя пытанні. Удзельнікаў сустрэчы цікавіла ўсё: дзе нарадзілася і вучылася, любімая кніга ў дзяцінстве, як нараджаецца задума твора, як праходзіць праца з матэрыяламі для кніг, калі стала выдаваць свае зборнікі, на якія вершы напісана музыка, якія рысы характару шануе ў людзях і інш.

Пасля заканчэння мерапрыемства ўдзельнікі праекта змаглі папоўніць сваю бібліятэку кнігамі Алены Ліхадзіеўскай з асабістым подпісам аўтара. Пісьменніца падарыла школе па адным экзэмпляры сваіх зборнікаў, а ад арганізатараў сустрэчы ў знак падзякі Алена Антонаўна атрымала кветкі і падарунак, зроблены рукамі дзяцей, з пажаданнямі здароўя, радасці, творчых поспехаў і Божай падтрымкі.

Наладжаваць такія творчыя сустрэчы трэба, бо яны застаюцца ў памяці на доўгі час. Пісьменнікі-землякі сваімі творамі напаўняюць дабрынёй сэрцы дзяцей і вучаць любіць сваю маленькую радзіму, дапамагаюць зразумець, што ў жыцці ёсць многа абавязкаў, якія мы павінны выконваць: паважаць і шанаваць традыцыі продкаў, матэрыяльную і духоўную гісторыка-культурную спадчыну, прафесійнае і народнае мастацтва, грамадскія творчыя ініцыятывы і быць патрыётамі сваёй Радзімы. Адна справа вучыць біяграфію і творчасць пісьменніка па падручніку, і зусім іншая – знаходзіцца з ім у адной зале, бачыць, слухаць яго, атрымліваць асалоду ад сустрэчы з дзеючым ці будучым класікам літаратуры, задаваць пытанні, атрымаць аўтограф з пажаданнямі ў кнізе, якую табе падарылі або ты набыў сам.

Адна з вучаніц школы сказала: “Я атрымала кнігу ад сапраўднай пісьменніцы з аўтографам. Гэта ўпершыню ў маім жыцці, і я буду гэтым ганарыцца!”.

І вучні, і настаўнікі былі ўдзячны Алене Антонаўне за цікавую сустрэчу і за магчымасць у чарговы раз упэўніцца, што літаратура не губляе сваё значэнне і ў сучасным свеце.

 

поделиться в: